У Новы год – па новай трасе. У Лідзе ў лесапаркавай паласе ля Кургана Бяссмерця з’явілася лыжная траса

02.01.2022

Да нядаўняга часу лыжня са штучнага снегу для лідскіх спартсменаў, якія займаюцца біятлонам пры сярэдняй школе №8, была нязбытачнай марай. Але чаго толькі не здараецца ў Новы год!

Днямі з лёгкай рукі старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Ложэчніка жаданне «снежных снайпераў» пачало здзяйсняцца: у лесапаркавай паласе ля Кургана Бяссмерця на месцы лыжаролернай трасы з’явілася лыжная. Цяпер школьнікі маюць магчымасць трэніравацца штодзень, ды не на лыжаролерах, як раней, а на лыжах. Пакуль што даўжыня лыжнай трасы складае 250 метраў, але яна будзе ўдвая даўжэйшая.

Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Аляксандра Якаўлева вучні восьмай школы займаюцца біятлонам усяго другі год. Але, нягледзячы на гэта, маюцца добрыя вынікі. У мінулым годзе пяцёра лідскіх школьнікаў прадстаўлялі Гродзеншчыну на спрынтарскіх гонках фінальнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. На адкрытым першынстве горада Мінска па лыжных гонках вучаніца дзявятага класа Паліна Ёдзіс і адзінаццацікласнік Андрэй Пышынскі заваявалі «серабро», а таксама выканалі нарматывы першага дарослага спартыўнага разраду.

Завітаўшы ў Ліду, Дзед Мароз, кампанію якому склалі спартсмены СШ №8, першым чынам апрабаваў лідскую лыжню (на здымку). Казаў, што такая размінка яму прыйшлася даспадобы. Дарэчы, магчымасць пакатацца па трасе са штучнага снегу ёсць і ў іншых лідчан – прыхільнікаў лыжных гонак. Акрамя таго, абучацца хадзе на лыжах падчас урокаў фізкультуры тут будуць і вучні іншых школ Лідчыны. 

Катацца па штучным снезе можна будзе нават тады, калі слупок тэрмометра будзе паказваць плюсавую.

Источник: Лидская газета