21 лютага — Дзень роднай мовы

21.02.2022

21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Ва ўстановах адукацыі Лідскага раёна арганізавана правядзенне розных мерапрыемстваў, у тым ліку і напісанне дыктанта, які рэкамендавана прысвяціць прыняццю новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь або Году гістарычнай памяці.

З самай раніцы ў СШ№2 г.Бярозаўкі гучыць беларускае слова. Прайшлі класныя гадзіны, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, на якіх вучні прапісалі абласную дыктоўку "Музей паэта", гучаць відэазапісы беларускіх вершаў і прозы, што дэкламуюць нашы дзеці, на перапынках праводяцца гульні "Беларускія залацінкі-хітрынкі", "Навучы сябра гаварыць па-беларуску". Найбольшую цікавасць выклікала ў дзяцей інфармацыйная сцяна-афіша "Знаёмцеся: мемы на роднай мове!", складзеная вучнямі 8-11 класаў. Як жа цудоўна слухаць матчыну мову, родную мову і прызнавацца ёй у каханні!

Святкаванне Дня роднай мовы для выхаванцаў ясляў-сада №37 г. Ліды стала традыцыйным. Зранку з усіх куткоў былі чутны “Добрай раніцы”, “Віншуем вас!”, “Запрашаем, калі ласка!”. Вось з такіх прыемных слоў пачынаўся гэты дзень. У кожнай групе арганізаваны выставы малюнкаў “Маё любімае беларускае слова”, выставы для бацькоў “Кнігі на роднае мове”. Дзяцей чакалі гульні-заняткі, пад час якіх яны даведаліся шмат новых цікавых слоў на роднай мове, пагулялі ў беларускія народныя гульні.
На бацькоўскім сходзе абмеркавалі пытанні выхавання грамадзяніна нашай краіны. У рамках правядзення сходу былі падведзены вынікі конкурса чытачоў “Мае любімыя творы на роднай мове”, удзельнікі якога ўзнагароджаны дыпломамі. Кульмінацыяй свята стала дэфіле ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Выхаванцы прадэманстравалі касцюмы, якія створаны рукамі нашых выхавальнікаў і бацькоў.
Спадзяемся, што гэты дзень застанецца на доўга ў памяці нашых выхаванцаў і бацькоў!