Ідэі, якія не пакідаюць раўнадушным нікога

02.03.2022

Дабрыня выратуе свет» — дэвіз праекта, які прадставілі ў гранд-фінале дырэктар ветклінікі ў Лідзе «Кот Бегемот», галоўны ветэрынарны ўрач Павел ЖУЛЬПА і яго памочніцы — навучэнкі ўстаноў адукацыі горада. Праект перамог у намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера».

«Доктар «Пал Палыч», як называюць яго гаспадары гадаванцаў, якіх ён выратаваў, вядомы ў краіне сваімі аперацыямі па пратэзаванні канечнасцяў у жывёл. Апошнія могуць страціць лапы па розных прычынах: у выніку траўм, ампутацый ці стаць ахвярамі жорсткага абыходжання з боку чалавека. Першым яго пацыентам прыкладна два гады таму стаў дварняк Хопі. Гаспадар хацеў забіць сабаку і фактычна адсек яму лапу.

Потым пакінуў на ланцугу без дапамогі на два тыдні. Сабака сам сабе адгрыз пашкоджаную канечнасць. У клініку яго даставілі валанцёры. У выніку Хопі стаў першым сабакам у Беларусі з біянічным пратэзам. «Сёння бегае так добра, што проста не дагнаць, — усміхаецца Павел. — Не баліць, і ў сабакі ёсць надзейная апора замест страчанай лапы. Прызнаюся, для мяне гэта быў вельмі цікавы медыцынскі вопыт, першы складаны, выпакутаваны шлях да пратэзавання і вельмі дарагі ва ўсіх сэнсах пацыент» (сёння Хопі жыве ў Паўла).

Яшчэ адзін пацыент доктара — коцік Кузя з двума пратэзамі замест задніх лапак — быў наўмысна кінуты ў вогнішча і атрымаў тэрмічныя апёкі (напэўна, таму яго яшчэ называюць у клініцы Вугалёк).

Павел падкрэслівае, што праблему жорсткага абыходжання з жывёламі трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні. А яго праект, прадстаўлены ў фінале, скіраваны на псіхалагічную рэабілітацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Нашы пушыстыя падапечныя — асаблівыя, і дзеці — таксама асаблівыя, — тлумачыць ён. — Але калі малыя бачаць, якія каты і сабакі пазітыўныя, актыўныя, што адсутнасць лап, якія ім замянілі пратэзы, яны нават не заўважаюць і жывуць паўнавартасным жыццём, то атрымліваюць вялікі зарад энергіі і пазітыву. У іх з'яўляецца вера ва ўласныя сілы. Гэта дапамагае не здавацца. Гледзячы на тое, як рэагуюць на жывёл з пратэзамі дарослыя, мы вырашылі паказаць іх хлопчыкам і дзяўчынкам з Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Дзеці былі настолькі натхнёныя, што, гледзячы на іх, заплакалі нават мужчыны. Нашу ідэю ўжо падтрымаў фонд Аляксея Талая, мы знайшлі паразуменне і з боку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ідэя вельмі добрая і не пакідае раўнадушным нікога. Пазітыўных момантаў павінна быць больш!

Дарэчы, дзяўчаты, якія дапамагаюць Паўлу ва ўсім і суправаджалі яго падапечных у Мінск, на фінал конкурсу «100 ідэй», з'яўляюцца выхаванцамі «Школы юнага ветэрынара», што дзейнічае пры ветклініцы. Гэта яшчэ адна важная сумесная з экалагічным цэнтрам сацыяльная ініцыятыва — спрыяць свядомаму выбару прафесіі. Прызнаецца, што сам ён стаў ветэрынарам... па волі выпадку. У медыцынскую ВНУ не паступіў, бо не хапіла балаў. Таму пайшоў вучыцца ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на ветэрынара. Вырашыў, што гэта спецыяльнасць стаіць да медыцыны бліжэй за іншыя — там таксама трэба лячыць і выратоўваць жыцці, толькі не людзей. Але потым ні разу не пашкадаваў пра здзейснены крок. Ветэрынарыя яго адразу захапіла, яму пастаянна хочацца развівацца ў сваёй
прафесіі. Але так адбываецца далёка не заўсёды. Прыкладна з трох дзясяткаў дзяцей, што прыйшлі ў «Школу юнага ветэрынара», зараз засталося толькі каля дзясятка. «Добра, што прафесійны адбор адбываецца яшчэ на этапе вучобы ў школе..., — канстатуе Павел, — а атрымаць дыплом — зусім не азначае стаць высакакласным спецыялістам. Добра, калі ёсць магчымасць яшчэ да паступлення ўбачыць на свае вочы, дакрануцца і ўсвядоміць, з чым рэальна давядзецца сутыкнуцца ў будучай прафесіі».

Источник: https://zviazda.by/