Сёлета Бердаўскай школе спаўняецца 75 гадоў!

01.12.2023
Сёлета Бердаўскай школе спаўняецца 75 гадоў! У гэтай даце змяшчаецца цэлая эпоха, свая ўнікальная гісторыя.


Пачатак шляху

Школа пачала працаваць яшчэ ў трыццатыя гады, пры польскай уладзе. Навучальная ўстанова размяшчалася ў доме Пятра Кучынскага. У 1936 годзе быў пабудаваны новы драўляны будынак. Але ў новай школе маглі вучыцца толькі дзеці заможных мяшчан. 1939 год прынёс змены ў жыццё беларускага народа. Пасля аб'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў Бердаўцы была адкрыта пачатковая школа, якую маглі наведваць усе дзеці школьнага ўзросту. Навучанне тут вялося на роднай беларускай мове.

Жадаючых вучыцца аказалася так шмат, што ў памяшканні немагчыма было размясціць усіх навучэнцаў, таму па ініцыятыве мясцовых улад у хуткім часе быў пабудаваны яшчэ адзін будынак.

На жаль, радасць мірнага засваення ведаў была азмрочана жорсткай вайной. У перыяд акупацыі Беларусі фашысцкай Германіяй школа не працавала. І толькі 1 верасня 1944 года разгарнулася новая старонка ў гісторыі Бердаўскай школы, куды вучні змаглі вярнуцца за парты. Жаданне вучыцца ў дзяцей не адабралі ні цяжкі час, ні адсутнасць падручнікаў. Таму ў 1948 годзе навучальная ўстанова ператварылася ў Бердаўскую сярэднюю школу. А яшчэ крыху пазней ужо некаторыя выпускнікі школы самі пачалі выкладаць у роднай установе. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што сёння значная частка педкалектыву складаецца з яе выпускнікоў.

Душы натхнёнай успамін…

Крысціна Іосіфаўна Новікава працуе ў роднай школе з 1974 года, з 1978 года – як настаўнік біялогіі. У тыя часы калектыў быў даволі малады, як і сама Крысціна Іосіфаўна. Яна з цеплынёй успамінае пра былых калег і вучняў. Лічыць, што на яе светапогляд паўплывала настаўнік хіміі і біялогіі Раіса Сямёнаўна Уварава. Нездарма ж і сама Крысціна Іосіфаўна стала менавіта настаўнікам біялогіі. 

– Яна была настаўнікам ад Бога! – дзеліцца Крысціна Іосіфаўна сваімі ўражаннямі. – Дала мне менавіта тую базу ведаў, якую я лічу вельмі важнай.

Сама Крысціна Новікава як класны кіраўнік выпусціла шэсць класаў, у якіх вывучыліся цэлыя пакаленні – перш бацькоў, а пасля ўжо іх дзяцей і ўнукаў. Многія выпускнікі яе сталі медыкамі, звязалі прафесію з біялогіяй.

– Я памятаю ўсіх сваіх вучняў. Лічу кожны свой клас асаблівым і непаўторным, тым, які пакінуў у маім сэрцы велізарны след. Навучыцца ў школе можна ўсяму, але веды – гэта яшчэ не самае важнае, – лічыць Крысціна Іосіфаўна. – Важна навучыць дзяцей таму, каб заўсёды і ва ўсім заставаліся людзьмі!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галіна Антонаўна Альшэўская таксама выпускніца Бердаўскай школы.

– Я працую ў нашай школе з 1989 года. Ужо ёсць уласныя пакаленні бацькоў і дзяцей, якіх вывучыла за гэтыя гады. Увесь мінулы год прахварэла і праляжала ў бальніцы даволі працяглы час. Прыемна, што і выпускнікі не забывалі: наведвалі і тэлефанавалі нават тыя, з кім доўгі час не перасякаліся пасля выпуску. Люблю сваю працу і ёю жыву. Вельмі шкада, што школа з сярэдняй стала базавай. Будзе крыўдна, калі наогул зачыніцца. Але мы працягваем традыцыі, закладзеныя нашымі папярэднікамі. Так, сёння ў нашым музеі па-ранейшаму вядзецца сур'ёзная краязнаўчая работа.

Галіна Альшэўская з цяплом успамінае сваіх вучняў і гады працы: як ездзілі разам з дзецьмі “на бульбу”, як удзельнічалі ў суботніках, як навучэнцы падтрымлівалі і дапамагалі ёй ва ўсім. Дарэчы, муж Галіны Антонаўны – Эдвард Эдвардавіч Альшэўскі – працуе ў школе настаўнікам фізічнай культуры.

– Вядома, і ў маім жыцці былі свае настаўнікі, якія пакінулі свой след, – дзеліцца Галіна Антонаўна. – Самым знакавым настаўнікам лічу свайго класнага кіраўніка Яўгенію Фёдараўну Жамойдзік. Светлая памяць ёй. Яна была тым класным кіраўніком, якога мы, навучэнцы, вельмі любілі. Хадзілі разам у паходы, на вечары. Яна падтрымлівала нас і дапамагала ва ўсім. Моцнае ўражанне пакінула сям'я Анатоля Леанідавіча Крупы, дырэктара школы з 1984 па 2018 гады. Я вучылася ў 9 класе, калі яго сям’я прыехала ў нашу вёску. Наталля Фёдараўна вяла ў нас рускую мову і літаратуру, а Анатоль Леанідавіч выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. У той даволі складаны перыяд перабудовы і дзяржаўнага пералому ў краіне гэтыя педагогі зрабілі для школы вельмі многае. Самым жа ўнікальным чалавекам у гісторыі Бердаўскай школы лічу свайго настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара школы з 1977 па 1984 год Лідзію Міхайлаўну Вінчу. Я часта сустракалася з ёю пазней. Лідзія Міхайлаўна памятала кожнага навучэнца сваёй школы, праз шмат гадоў пасля выпуску пазнавала па голасе ў тэлефоннай трубцы і называла Бердаўскую школу ўсім сваім жыццём. 

34 гады намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце прапрацавала ў роднай школе Рэгіна Іванаўна Гілевіч.

 А я ж працаваць тут не хацела! – смяецца Рэгіна Іванаўна. – Бо ў школе ўсе мяне памятаюць і ведаюць. Таму як толькі з'явілася месца ў Дварышчанскай школе, я пасля выпуску ва ўніверсітэце пайшла працаваць туды. 

Толькі лёс склаўся так, што Лідзія Міхайлаўна Вінча сама прапанавала сваёй былой вучаніцы месца завуча ў Бердаўскай школе. Рэгіна Гілевіч з павагай успамінае ўсіх сваіх настаўнікаў, а потым ужо і калег, якія ні словам, ні справай не пакрыўдзілі сваю былую вучаніцу, а прынялі яе з належнай увагай.

 

 

 

Людміла Паўлаўна Цыдзік працуе ў школе з 1994 года. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў Мінску яе сюды прывёз муж. У калектыве з гумарам успамінаюць, як у акно трэцяга паверха падглядалі за маладой сям’ёй Цыдзікаў і якое незабыўнае ўражанне выклікала ва ўсіх маладая і прыгожая Людміла. А цяпер яна ўжо намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Дзіўна, як хутка бяжыць час. Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна Рэгіна Іванаўна Гілевіч вучыла тонкасцям і сакрэтам педагагічнай прафесіі маладога спецыяліста Людмілу Цыдзік, а сёння ўжо сама Людміла Паўлаўна займае кіруючую пасаду – адразу відаць, Рэгіна Гілевіч падрыхтавала сабе годную пераемніцу. А пра Людмілу Паўлаўну і сёння складана сказаць, што яе педагагічны стаж ажно 29 гадоў: яна па-ранейшаму такая ж прыгожая і маладая, як і пасля выхаду з універсітэцкіх сцен.
 

 

 

 

З Бердаўскай школай звязана ўсё жыццё і выхавальніцы Бердаўскага дзіцячага сада Наталлі Станіславаўны Піуты:

 У 60-я гады тут працавала настаўнікам мая маці – Марыя Мікалаеўна Анацкая. Я сама скончыла Бердаўскую школу, як і мой муж Юрый Уладзіміравіч Піута. Пазней ён нават працаваў тут трэнерам па лёгкай атлетыцы. У Бердаўскай школе выраслі і вывучыліся нашыя сыны. З 1990 года я працую выхавальнікам у дзіцячым садку. Нягледзячы на тое што я па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў, вельмі люблю работу выхавальніка, люблю сваіх выхаванцаў. Сёння з гонарам магу назваць больш за дзясятак сем’яў, дзе маімі выхаванцамі былі спярша і мамы, і таты, а потым і іх дзеткі. Лічу, что самае галоўнае – гэта магчымасць падабраць ключык да кожнага дзіцяці. А ў сваёй прафесійнай дзейнасці вызначаю як найважнейшае далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры. 

У Бердаўскай школе і сёння пад кіраўніцтвам Сяргея Фёдаравіча Саўчыка працуе дружны і даволі зладжаны педкалектыў, які імкнецца не толькі даць веды, але і дапамагчы навучэнцам знайсці сваё месца ў жыцці. Тут па-ранейшаму дзейнічае Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей, які Анатоль Леанідавіч Крупа заснаваў у далёкім 1989 годзе. Сёння ў музеі створана экспазіцыя памяці былога дырэктара школы Анатоля Леанідавіча і яго жонкі Наталлі Фёдараўны, якія шмат зрабілі для адкрыцця музея і працавалі ў самой школе доўгія гады.

На жаль, час хуткаплынны. Сыходзяць людзі, змяняецца эпоха. Але так хочацца, каб усё ж такі школа, якая прайшла хоць і складаны, але па-свойму ўнікальны і непаўторны шлях, не толькі засталася назаўжды ў памяці людзей, жыццё якіх знітавалася з ёй. Хай яшчэ доўгія-доўгія гады залівісты званок у Бердаўскай школе кліча сваіх вучняў на ўрок, а педагогі даюць трывалыя веды і надзейную пуцёўку ў дарослае жыццё бердаўскім юнакам і дзяўчатам…

Источник: https://lidanews.by/

поделиться в: