Ад лідскіх муроў Дзень пісьменства вітаем!
04.09.2025Дзень беларускага пісьменства – дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. У гэтым годзе Ліда абрана сталіцай свята пісьменства, якое яднае ўсіх, хто шануе беларускую мову і літаратуру, культуру Беларусі ў цэлым. Напярэдадні святкавання падзеі мы звярнуліся да членаў літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, каб даведацца, што для іх асабіста азначае дадзенае свята, і як яны ставяцца да роднага беларускага слова.
Валерый МАЦУЛЕВІЧ:
– Беларуская пісьменнасць і літаратура нараўне з нашай гістарычнай памяццю з'яўляюцца фундаментам беларускай культуры. У Бібліі сказана: “Спачатку было Слова…”. Без роднага слова, без тых людзей, якія яму служылі, нас проста не было б, як нацыі. Таму вельмі важна беражліва ставіцца да напісанага і пашыраць яго. У гэтым годзе Ліда ўпершыню прымае Дзень беларускага пісьменства. Гэта вялікі гонар для нашага горада і хвалюючая падзея для ўсіх лідчан. Для людзей, звязаных з літаратурай, тых, хто яе любіць усім сэрцам, гэта сапраўдны калейдаскоп уражанняў і феерверк эмоцый, магчымасць пазнаёміцца з пісьменнікамі з усіх куткоў Беларусі, атрымаць асалоду ад іх творчасці. А для гасцей – магчымасць па-сапраўднаму ацаніць наш чысты і добраўпарадкаваны горад, палюбавацца яго славутасцямі і пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі.
Тэрэза СМОЛЬСКАЯ:
– З'яўляючыся паэткай з Ліды, я адчуваю асаблівую сувязь з беларускім словам. Гэта не проста мова, а жывая энергія зямлі, памяці і будучыні. Падтрымліваць цікавасць да беларускай літаратуры – значыць не даць знікнуць нашаму ўнутранаму голасу, нашай гісторыі, нашай душы. У ёй усё: боль, прыгажосць, годнасць і пяшчота. Менавіта літаратура фарміруе пачуццё прыналежнасці да сваёй культуры і вучыць нас быць чалавечней.
Свята беларускага пісьменства я ўспрымаю як светлы напамін пра сілу слова. Гэта магчымасць спыніцца і прыслухацца да мовы, на якой марылі, пакутавалі і любілі нашы продкі. Для мяне гэты дзень, як малітва ў вершах: ціхая, але моцная. Ён натхняе не толькі чытаць, але і тварыць, каб перадаць іншым тое, што жыве ў тваім сэрцы.
Уладзімір Васько:
– Дзень беларускага пісьменства – гэта вялікае свята не толькі для лідчан, а і для ўсяго беларускага народа. Кожнаму жыхару Беларусі выпадае магчымасць яшчэ раз задумацца над тым, адкуль пачынаюцца нашы нацыянальныя карані, на якой мове пісалі і размаўлялі нашы продкі, адчуць усю прагажосць сакавітай і каларытнай роднай мовы, успомніць імёны славутых сыноў Бацькаўшчыны – Францыска Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка і многіх, многіх іншых.
Я шчаслівы, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў Лідзе, у горадзе, які славіцца багатымі літаратурнымі традыцыямі.
Ірына МАРКЕВІЧ:
– Пра Дзень беларускага пісьменства, я лічу, трэба абавязкова разважаць па-беларуску. Беларусь – мая малая і вялікая Радзіма. Я не ўяўляю сваё жыццё без яе. На беларускай мове размаўляю ад моманту нараджэння. Наша мова вельмі прыгожая, мілагучная і непаўторная. Ёсць такія ёмкія словы, што ў другіх мовах і не знойдзеш. Менавіта мы, беларусы, маем сваю ідэнтычнасць дзякуючы роднай беларускай мове. Ну якія ж мы будзем беларусы, калі не маем нічога свайго: ні мовы, ні літаратуры, ні гісторыі, ні культуры?!
Каб захаваць нашу шматвекавую гісторыю, культуру, патрэбна ўсё гэта запісаць. Кніга даўным-даўно стала крыніцай ведаў у розных галінах навукі. Свята беларускага пісьменства напачатку кожнага навучальнага года дае непаўторны штуршок да ведаў дзецям, бацькам, настаўнікам, студэнтам – усім патрыётам Беларусі. Гэта ўрачыстасць, якая падкрэслівае суверэнітэт нашай дзяржавы, яе незалежнасць і асаблівасць. Напярэдадні Дня пісьменства хачу пажадаць усім яго ўдзельнікам плённай працы, творчага натхнення, моцнага здароўя, добрага надвор’я і мірнага неба над галавой.
Ганна РЭЛІКОЎСКАЯ:
– Як казаў Францішак Багушэвіч: ”Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Гісторыя неаднаразова паказвала прыклады знікнення народаў, якія страцілі сваю мову. Каб захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, каб узбагаціць культуру новымі творамі, каб працягнуць наш беларускі род, трэба дасканала ведаць, вывучаць родную мову, карыстацца ёй як мага часцей.
Беларуская гаворка запала ў маё сэрца з дзяцінства. Беларускія словы такія прыгожыя, цёплыя, добрыя, ласкавыя і адначасова велічныя, магутныя, што захаваліся на ўсё жыццё ў маіх думках, марах, снах. Лічу, што менавіта беларуская мова рашуча паўплывала на станаўленне майго светапогляду, жыццёвых каштоўнасцей.
Творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў адкрываюць перад намі бясконцы свет пісьменства, пашыраюць наш кругагляд. Яны папаўняюць скарбонку сусветнай культуры і сталі часткай агульначалавечага здабытку. Іх чытаюць мільёны людзей ва ўсіх куточках зямнога шара. І мы ганарымся гэтым.
Я вельмі радуюся, што ў Беларусі штогод адзначаюць Дзень беларускай пісьменнасці. Хочацца, каб і ў Лідзе гэта мерапрыемства прайшло радасна, гучна, запамінальна. Усім гасцям і ўдзельнікам шлю сваё прывітанне:
Ад лідскіх муроў Дзень пісьменства вітаем!
Здароўя і шчасця ўсім людзям жадаем,
Да роднай зямелькі любові бясконцай,
І мірнага неба, і яснага сонца!
Источник: https://lidanews.by