Настаўнік фізікі Анатоль Мацюк з дапамогай свайго прадмета выхоўвае ў дзяцей пачуццё гордасці за родную краіну
27.09.2024Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Ліды Анатоль Мацюк перакананы, што веды і ўменні па фізіцы дапамагаюць яго вучням у вырашэнні практычных задач у штодзённым жыцці. Акрамя таго, педагог з дапамогай свайго прадмета выхоўвае ў дзяцей пачуццё гордасці за сваю краіну і родную Лідчыну. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Па кожнай тэме курса фізікі для ўсіх класаў педагог прыдумаў больш за 200 кантэкставых задач. Гэта задачы з практычным зместам, умовай якіх з’яўляюцца канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі. Яны прапануюцца ў выглядзе пазнавальнай праблемы. Задачы ўключаюць нацыянальны і рэгіянальны кампаненты — інфармацыю аб родным краі, яго прыродзе, культуры, эканоміцы, выбітных асобах і г.д.
— Так, пры вывучэнні ў 7 класе тэмы “Ціск вадкасці, абумоўлены яе вагой” прапаную вучням задачу “Воданапорныя вежы “Бася” і “Кася”, рашаючы якую можна не толькі адпрацаваць уменне вызначаць гідрастатычны ціск, але і азнаёміцца з гісторыяй гарадскога водазабеспячэння Гродна, — расказвае педагог.
Серыя задач па тэме “Механічныя ваганні і хвалі” ў 11 класе звязана з красоверам Geely Аtlas Рrо сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства “БелДжы”. Рашаючы гэтыя задачы, вучні вызначаюць перыяд і частату ваганняў аўтамабіля як спружыннага маятніка, знаходзяць даўжыню хвалі і адлегласць да перашкоды, якая зафіксавана ультрагукавым парктронікам аўтамабіля, разлічваюць частату гукавога сігналу і амплітуду ваганняў мембраны клаксана, эксперыментальна мадэлююць ваганні падвеснай цацкі пры яздзе аўтамабіля па выбоістай дарозе, будуюць графікі вымушаных ваганняў поршняў рухавіка.
Так вучні адточваюць уменні рашаць фізічныя задачы па тэме ўрока, вызначаючы розныя параметры вагальнага руху, знаёмяцца з дасягненнямі айчыннага аўтапрама, выбудоўваюць адзіную карціну фізічных працэсаў, якія адбываюцца ў аўтамабілі, атрымліваючы пры гэтым элементы політэхнічнай адукацыі.
Праз свой прадмет Анатоль Эдуардавіч высвятляе важныя грані прамысловасці Ліды, праводзіць прафарыентацыю школьнікаў.
Так, завод “Оптык” у Лідзе выпускае лінзы для бескантактавай афтальмаскапіі дэталей вочнага дна. Перш чым рашыць задачу “Афтальмаскоп”, вучні знаёмяцца з табліцай, дзе ўказаны некаторыя тэхнічныя характарыстыкі лінз. Яны разлічваюць даныя, якія адсутнічаюць у табліцы, і ўстанаўліваюць сувязь паміж назвай мадэлі лінзы і яе тэхнічнымі характарыстыкамі.
З прадпрыемствамі раёна знаёмяць такія задачы, як “Афарбоўванне плота” (на прыкладзе лідскай “Лакафарбы”), “Збожжаўборачны камбайн “Ліда 1600” (“Лідаграпраммаш”), “Раскідвальнік пясчана-солевых сумесей” (“Аграпрамсельмаш”), “Бульбакапалка” (“Лідсельмаш”), “Каэфіцыенты трэння падэшваў” (абутковая фабрыка), “Тваё радыё” і “Лідар FМ” (лідскія радыёстанцыі), “Шкляная і хрустальная вазы” і “Шклавата” (шклозавод “Нёман”), “Паліўныя пелеты” (“Лідабудматэрыялы”), “Торфабрыкетны завод “Дзітва” і інш.
У кабінеце фізікі створаны музейны куток, дзе прадстаўлены секцыі з экспанатамі цеплавых машын, электронна-прамянёвых трубак, крыніц электрычнага току, электравымяральных прыбораў, трансфарматараў, электрычных лямп, электронных лямп і паўправадніковых прыбораў, энергіі і энергазберажэння.
— Сярэдняя школа № 1 Ліды была пабудавана ў 1929 годзе. З савецкіх часоў тут на паглыбленым узроўні вывучалася фізіка, і ад маіх папярэднікаў засталося шмат фізічных прыбораў: амперметраў, вальтметраў, мадэль паравой машыны, асцылографаў і г.д. Ёсць і рарытэтныя рэчы, такія як ватметр 1948 года, — адзначае Анатоль Эдуардавіч. — У сучаснай школе яны сталі незапатрабаванымі, састарэлі маральна і фізічна або зламаліся. Ім на змену прыйшлі новыя прыборы. Але старыя мы не выкінулі — вырашылі зрабіць экспазіцыю.
Энергазберажэнне — адзін з асноўных напрамкаў музейнай выставы.
У музейным кутку сабраны экспанаты, звязаныя з атрыманнем, пераўтварэннем, перадачай, выкарыстаннем і эканоміяй энергіі. Так, секцыя “Электрычныя лямпы” падзелена на дзве часткі: “Лямпы напальвання” і “Энергазберагальныя люмінесцэнтныя і святлодыёдныя лямпы”. На змену электронна-прамянёвай трубцы прыйшлі плазменныя, вадкакрышталічныя (LCD), святлодыёдныя (LED) і арганічна-святлодыёдныя (OLED) матрыцы.
Секцыі “Электронныя лямпы” і “Паўправадніковыя прыборы” дэманструюць, як навукова-тэхнічны прагрэс ідзе ў нагу з энергазберажэннем. Экспазіцыя выкарыстоўваецца пры вывучэнні тэм па фізіцы і энергазберажэнні, вучні не толькі знаёмяцца з экспанатамі, але і праводзяць экскурсіі.
Сярэдняя школа № 1 Ліды ў 2010 годзе была адзначана дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” у намінацыі “Лепшы практычны цэнтр (музей) па энергазберажэнні”. У 2023 годзе ўстанова атрымала спецыяльны прыз журы на XVI Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкая работа ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі — 2022” (на абласным этапе — дыплом І ступені).
Па тэме энергазберажэння ў педагога ёсць кантэкставая задача: “Вядома, што Лідскі завод электравырабаў выпускае люмінесцэнтныя свяцільні для ўстаноў адукацыі. Свяцільня ўключае ў сябе газаразрадную лямпу нізкага ціску, у якой электрычны разрад утвараецца ў сумесі ртутных пароў і інертнага газу — аргону. Чаму люмінесцэнтныя лямпы называюць энергазберагальнымі і які тып самастойнага разраду ў газах выкарыстоўваецца для работы гэтай лямпы? Назавіце асноўныя прычыны іанізацыі газу ў лямпе”.
Ёсць задачы, якія знаёмяць вучняў з прыродай Беларусі, жывёламі, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Вось некалькі прыкладаў:
“Самае глыбокае возера Беларусі — возера Доўгае ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Найбольшая яго глыбіня складае 53,6 м. Вызначыце гідрастатычны ціск на гэтай глыбіні”;
“Сімвалам Беларусі з’яўляецца зубр. Гэтая жывёла здаецца непаваротлівай і марудлівай, аднак у момант пагрозы здольна развіваць хуткасць да 50 км/гадз. Аб якой хуткасці ідзе размова — сярэдняй або імгненнай? Чаму?”;
“Узімку па глыбокім снезе зубры перамяшчаюцца неахвотна — іх сутачны ход складае каля 300 м. Затое ранняй вясной у пошуках корму статак за дзень можа прайсці да 12 км. Вызначыце сярэднюю хуткасць зуброў зімой і ранняй вясной”.
Тлумачэнне беларускіх прыказак і прымавак праз прызму фізічных працэсаў і з’яў знаёміць вучняў з нацыянальна-культурнымі традыцыямі беларускага народа.
У задачы “Альтэрнатыўная энергетыка” гаворыцца не толькі пра “зялёную” энергію на прыкладзе Навагрудскага ветрапарку, але і пра асаблівую ролю энергіі мірнага атама Беларускай АЭС, якая выпрацоўвае каля 25% электрычнасці ў Беларусі. Рашаючы задачу, вучні прыходзяць да высновы, што аднаўляльныя крыніцы энергіі (у гэтым выпадку энергія ветру) валодаюць недастатковай магутнасцю для забеспячэння электраэнергіяй усёй краіны, таму атамная энергетыка з’яўляецца альтэрнатыўным рашэннем праблемы.
— Такога роду задачы не толькі фарміруюць нацыянальную самасвядомасць вучняў, але і развіваюць цікавасць да даследчай дзейнасці, калі вучань сам адкрывае з’яву, закон, заканамернасць, уласцівасці, спосаб рашэння задачы, невядомы яму раней, — адзначае Анатоль Эдуардавіч. — Пры гэтым ён абапіраецца на цыкл пазнання — ад назірання і доследаў да пабудовы абстрактнай мадэлі (вылучэння гіпотэзы). Далей робіць тэарэтычныя вынікі і іх эксперыментальную праверку.
Падчас даследчай работы па энергазберажэнні пад кіраўніцтвам настаўніка вучнямі была распрацавана электронная праграма разліку расходу электраэнергіі пры рабоце розных устройстваў у рэжыме чакання: ноўтбука, тэлевізара, зараднага ўстройства і інш.
Два гады назад за работу “Другое жыццё сонечных батарэек” адзінаццацікласніца Карына Касяк атрымала дыплом І ступені на міжнародным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы
Источник: https://nastgaz.by/